Поддержать нас
Беларусы на войне
  1. Посмотрели новое кино «Беларусьфильма», которое снял сотрудник невестки Лукашенко. Как ни странно, вышло вполне неплохо — рассказываем
  2. Парень из Минска хотел без долгов сделать для девушки свадьбу, которую она запомнит. От произошедшего дальше Threads плачет
  3. «Прошел в чащу, где вырыл неглубокую яму». В МВД рассказали подробности убийства 43-летней беременной
  4. Лукашенко опять заявил, что «уже наелся этой власти», и назвал условие, при котором готов ее отдать
  5. «Кто это вообще придумал?» Родители который год не понимают, зачем от детей требуют считать клеточки в тетрадках, — специалисты ответили
  6. «Понял, что все-таки Беларусь не белая и пушистая». Поговорили с бывшим репортером ОНТ из легендарного мема
  7. 10 из 25 освобожденных политзаключенных приехали в Варшаву
  8. «Думала, что наконец-то начну жить». Тихановская написала колонку для «Зеркала» — о болезни сына и невидимом труде женщин
  9. «Если он считает, что они не политзаключенные, пусть считает». Коул — о заявлении Лукашенко, что в Беларуси нет политузников
  10. МВД пригрозило уголовкой блогеру, который обратился к Лукашенко с жалобами на милиционеров
  11. Лукашенко снова заявил, что не держится за власть. Угадайте, в который раз? А мы подсчитали
  12. Помните могилевского депутата, которого объявили в розыск? Похоже, с ним уехала ведущая госканала


40 дзён таму пайшоў з жыцця Аляксандр Мілінкевіч — грамадскі дзеяч і палітык, які заўважна паўплываў на гісторыю сучаснай Беларусі. Для многіх беларусаў ён — чалавек з плаката 2006 года з надпісам-верай «новы прэзідэнт». Але кім насамрэч быў Аляксандр Мілінкевіч, як ён жыў і што ім рухала? Пра гэта «Салідарнасці» расказалі людзі, якія шмат гадоў былі побач з ім.

Александр Милинкевич. Фото: LookByMedia
Александр Милинкевич. Фото: LookByMedia
Напачатку матэрыялу прыведзены ўспаміны Аляксандра Мілінкевіча з яго старонкі ў Facebook і з кнігі Аляксандра Тамковіча «Лёсы».

Аляксандр Мілінкевіч: «У 1972 годзе я ажаніўся з Наталляй Якаўлеўнай Патлаценка. Мы пазнаёміліся падчас маёй педпрактыкі ў 1967 годзе ў гарадзенскай школе № 16. У 1974-м у нас нарадзіўся першы сын Аляксандр, а ў 1989-м — другі, Вітаўт.

Пасля абароны (А.М. стаў кандыдатам фізіка-матэматычных навук у 1976-м — С.) мне хацелася застацца ў Мінску: навука прыносіла вялізарнае задавальненне. Але шанцаў атрымаць там кватэру не было, а заробкі ў навукоўцаў напачатку заўсёды былі невялікія. Давялося пераехаць у Гародню, дзе на базе нашага педінстытута збіраліся адкрываць універсітэт. Хоць „давялося“ — не зусім правільна: я бясконца люблю свой родны горад, ведаю яго да мілых дробязяў, якія складаюць шарм заходняй беларускай сталіцы. Я вярнуўся да сябе.

Была ў маім жыцці яшчэ адна даволі цікавая прыгода. Паездка ў Афрыку… Напярэдадні паездкі ў Алжыр за поспехі ў навучанні патрапіў яшчэ на стажыроўку ў Францыю ў адзін з найстарэйшых еўрапейскіх універсітэтаў горада Манпелье ў раёне Блакітнага берага.
У алжырскім горадзе Сіціф прапрацаваў чатыры гады (1980−1984 гг. — С.). Узначаліў катэдру (фізікі — С.). У падначаленні ў мяне было 27 чалавек: французы, палякі, румыны, в’етнамец, немцы з ГДР. Больш за ўсё — французаў.

…У 1986 годзе мне прапанавалі весці на гарадзенскім тэлебачанні аўтарскую перадачу „Па вулках старога горада“… На экране прабыў амаль 9 год. Перадача была папулярнай, выходзіла мінімум раз у месяц. Звычайна рабілася гэта так: перад камерай я расказваў нейкія невядомыя гісторыі пра наш край і горад, паказваў гледачам старадаўнія паштоўкі, гравюры, слайды. У мяне іх — сотні».

«Стары гарадзенец», сябар Мілінкевіча з 1980-х: «Горад наш напачатку васьмідзесятых гадоў выглядаў як усе правінцыйныя савецкія гарады: месцамі падфарбаваны, месцамі аблуплены, месцамі зялёны, з прыгожымі дзяўчатамі на вуліцах і дрэнным асфальтам у дварах. Што яго асабліва ўпрыгожвала — дык гэта сярэднявечныя архітэктурныя цуды ў цэнтры.

І вось Аляксандр Уладзіміравіч Мілінкевіч, малады навуковец-фізік, кандыдат навук, выкладчык Гродзенскага ўніверсітэта, вырашыў правесці смелы эксперымент — вярнуць гадзінніку на Фарным касцёле жыццё. Ён сабраў каманду з колькіх дасьведчаных асобаў — інжынераў, электрыкаў і механікаў, і яны прыняліся за справу… Рэстаўрацыя цягнулася доўга і марудна, але нарэшце надышоў фінал, і гадзіннік пайшоў!»

Аляксандр Мілінкевіч. Фота: асабісты архіў
Аляксандр Мілінкевіч. Фота: асабісты архіў

«Людзі на плошчы перад Фарным касцёлам ад нечаканасці спачатку нават спалохаліся, калі гадзіннік пачаў біць, але потым гараджане паступова прывыклі і прызвычаіліся. Цяпер гэтыя гукі сталіся для іх паўсядзённаю, звыклаю з’яваю. Прыездныя турысты вельмі ж любяць фіксаваць на тэлефоны, калі гадзіннік адлічвае чарговую гадзіну, прыгаворваючы пры гэтым: „Ну чистая Европа!“»

Падчас «перабудовы» Мілінкевіч з аднадумцамі знайшоў пахаванне апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Воўчыне (Камянецкі раён). Улады перадалі астанкі у Польшчу. Фота: brestspring.org
Падчас «перабудовы» Мілінкевіч з аднадумцамі знайшоў пахаванне апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Воўчыне (Камянецкі раён). Улады перадалі астанкі ў Польшчу. Фота: brestspring.org

Мілінкевіч: «Улётка часоў гарбачоўскай „Перестройки“. Толькі праз год разваліцца імперыя. Амаль вольныя выбары ў Вярхоўны Савет БССР. Я тады выйграў у шасці сур’ёзных канкурэнтаў. Але да ўрнаў у другім туры прыйшло толькі 49,8%, а не палова, як трэба было ў той час. У выніку не папаў у парламент, а то бы быў дэпутатам Незалежнасці ў складзе фракцыі БНФ на чале з Пазьняком. Мо і добра: праз пару месяцаў абралі на таксама фактычна свабодных выбарах віцэ-мэрам Гародні.

…Апроч звычайнай штодзённай працы: функцыянаванне школ, бальніц, палацаў культуры, стадыёнаў, будаўніцтва новых аб’ектаў, былі пытанні, якія выклікалі вялікі грамадскі рэзананс: беларусізацыя дзіцячых садкоў і школ, вяртанне гораду гістарычнага герба, гістарычных назваў вуліцам, адраджэнне і рэстаўрацыя архітэктурнай спадчыны, падтрымка творчых людзей і нацыянальных культур… У горадзе з’явіліся мемарыяльныя дошкі, прысвечаныя памяці паўстанцаў 1863 года, Грунвальдскай бітве…»

«Я пакінуў выканкам па ўласным жаданні ў 1996-м на шостым годзе працы віцэ-мэрам. Ужо рыхтаваўся другі рэферэндум, завяршаўся антыканстытуцыйны пераварот. Было відавочна, што я мушу або стаць часткай ідэалагічнай машыны, якая пачала фарміравацца, або сысці, захаваўшы твар».

Паведамленне ў газеце «Пагоня», студзень 1996 года. Фота: gazetaby.com
Паведамленне ў газеце «Пагоня», студзень 1996 года. Фота: gazetaby.com

«Пасля першага рэферэндуму я яшчэ мог часткова супрацьстаяць новай палітыцы: практычна захаваў беларускія класы і нават часткова сімволіку, прапанаваўшы ў школах побач змяшчаць „нацыянальную гістарычную і новую дзяржаўную“. Цяпер маіх паўнамоцтваў ужо не хапала. Краіна вярталася да рэжыму аднаасобнай улады».

Першая паласа газеты "Пагоня", ліпень 1996 году. Фота: gazetaby.com
Першая паласа газеты «Пагоня», ліпень 1996 году. Фота: gazetaby.com

Вітаўт Руднік, журналіст: «Мы пазнаёміліся ў другой палове 1990-х. Я працаваў у газеце „Пагоня“, а Аляксандр пасля сыходу з гарвыканкама пачынаў ствараць аддзяленне фонда Сораса ў Гародні, які затым ператварыўся ў „Ратушу“. Трошкі пазней мы пачалі кантактаваць часцей.

Так атрымалася, што офіс грамадскай арганізацыі „Цэнтр „Трэці сектар““, якую я заснаваў, месціўся ў тым самым будынку, што і „Ратуша“ Аляксандра. Мы працавалі на розных паверхах і, натуральна, сустракаліся вельмі часта.

У другой палове 1990-х здавалася, што яшчэ трохі і наша возьме. Быў бум грамадскіх арганізацый, у Гародні працавала адразу некалькі незалежных медыя. Мілінкевіч падтрымліваў грамадскіх актывістаў, прадастаўляў ім і памяшканні, дапамагаў парадамі па пошуку фінансавання.

Аляксандр — чалавек, пра якога не магу ўзгадаць ніводнага кепскага слова. Не было сітуацыі, каб у мяне ўзнікла адчуванне, што ён нешта прыхоўвае, тым больш падманвае. Гэта быў вельмі інтэлігентны чалавек, які глядзеў табе ў вочы і выклікаў абсалютны давер. Аляксандр заўсёды быў гатовы цябе выслухаць.

Ведаю, што ён дапамог вялікай колькасці людзей. У тым ліку мне — яшчэ да нашага блізкага знаёмства. Пасля сканчэння ўніверсітэта я працаваў у музеі рэлігіі. Мы, маладая сям’я, не мелі свайго жытла. Праз яго дапамогу ўдалося здабыць інтэрнат — з такой просьбай да яго звярнулася кіраўніцтва музея. Магчыма, у той момант ён ужо не працаваў у гарвыканкаме, але ведаў патрэбныя кантакты. Дапамагаць іншым людзям было ў яго ў крыві».

Іна Кулей, жонка Аляксандра Мілінкевіча: «У 1997 годзе я працавала трэнерам-кансультантам у амерыканскім фондзе „Каунтэрпарт“ і прыехала ў Гародню з падрыхтоўкай да трэнінгу для лідараў грамадскіх арганізацый. Аляксандр быў гаспадаром пляцоўкі, кіраўніком „Ратушы“, так мы з ім пазнаёміліся. Ён вельмі гасцінны чалавек і асабіста сустракаў гасцей з рэгіёнаў, частаваў іх кавай…

У 1997-м пазнаёміліся, у 2002-м ажаніліся, але толькі ў 2005-м пачалі паўнавартасна жыць разам — у Мінску. Да гэтага часу жылі і працавалі кожны ў сваім горадзе».

Вяселле Іны Кулей і Аляксандра Мілінкевіча. Фота: facebook.com/ina.kuley
Вяселле Іны Кулей і Аляксандра Мілінкевіча. Фота: facebook.com/ina.kuley

Вітаўт Руднік: «Я назіраў з боку, як пачыналіся адносіны Аляксандра і Іны, было бачна, што гэта вельмі блізкія людзі — і па духу, і па каштоўнасцях. На кожнай сустрэчы, дзе яны прысутнічалі, было заўважна, што яны кахаюць і падтрымліваюць адзін аднаго. Маторам у іх саюзе быў Аляксандр, а Іна была для яго моцнай падтрымкай. Калі Аляксандр прымаў рашэнне, яна, хоць, магчыма, дзесьці і сумнявалася, але ішла за ім да канца».

Павел Мажэйка, паплечнік Аляксандра Мілінкевіча: «Іна Кулей — чалавек з шырокім кругаглядам, з цікавым лёсам, свядомым выбарам. Напэўна, ёй давялося дзеля Уладзіміравіча адкласці на бок свае амбіцыі актыўнага грамадскага дзеяча. Але, паўтаруся, гэта было свядомае рашэнне. Прыняць выбар каханага чалавека і абсалютна аддана дапамагаць яму рэалізоўваць свае задумы. Аляксандру Уладзіміравічу пашчасціла з гэтай жанчынай.

З Аляксандрам Уладзіміравічам мне шмат даводзілася кантактаваць — і ў сумесных паездках па Беларусі і замежжы, і ў Берштах, куды маглі з’ехацца сем’ямі. Напачатку 2000-х ён пачаў аднаўляць у Берштах старую хату, планаваў стварыць музей. Тады этнаграфічнага турызму не было зусім, тым больш не было аб’ектаў, якія б паказвалі не толькі сялянскасць беларусаў, але і іх прагу да волі. Продкі Уладзіміравіча ўдзельнічалі ў паўстанні 1863 года, таму ён добра ведаў гэтую частку гісторыі сваёй сям'і.

Хаця розніца ва ўзросце ў нас з Аляксандрам Уладзіміравічам была аграмадная, ён ніколі не ставіўся да мяне як да нейкага смаркача. Слухаў, было бачна, не толькі з ветлівасці, а яму сапраўды было цікава іншае меркаванне. Гэта вельмі імпанавала.

Я не бачыў розніцы паміж тым, як Мілінкевіч кантактуе ў сябе ў сям'і, са сваімі дзецьмі, са сваімі паплечнікамі і з чужымі людзьмі. У яго была адна тэмпература дачыненняў — абсалютна шанаваць суразмоўцу, але разам з тым і цвёрда трымацца сваіх прынцыповых пазіцый.

У ягоным атачэнні многія называлі яго „шэфе“. Здаецца мне, што гэты нефармальны зварот прыцягнулі і „прыляпілі“ да Мілінкевіча яго сябры-гарадзенцы, якія адвучыліся ў Польшчы. Там такія слоўцы былі тады папулярныя сярод моладзі і ў кінакультуры. Ну і неяк так з часам склалася, што тая гарадзенская моладзь, якая была побач, стала называць Мілінкевіча — „шэфе“, нават яго сыны».

Александр Милинкевич. 1997 год. Фото: 3sektar.by
Александр Милинкевич. 1997 год. Фото: 3sektar.by

Іна Кулей: «На прэзідэнцкіх выбарах 2001 года Сямён Домаш быў вымушаны саступіць месца адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл Уладзіміру Ганчарыку. Ён лічыў гэты крок несправядлівым і страціў жаданне працягваць палітычную кар’еру».

Каб вырашыць, што рабіць далей, ці вылучаць кандыдата на наступныя прэзідэнцкія выбары, прадстаўнікі Беларускай асацыяцыі рэсурсных цэнтраў сабраліся ў Берштах, на радзіме Аляксандра. Былі прапановы, што новым кандыдатам можа стаць Віктар Карняенка. Але і ён сам, і астатнія сказалі, што ў гэтай ролі бачаць Аляксандра. Ён пагадзіўся з рашэннем Асацыяцыі.

У 2005-м на Кангрэсе, дзе вызначаўся адзіны кандыдат ад дэмакратычных сіл, Аляксандр перамог у галасаванні Анатоля Лябедзьку ўсяго на 8 галасоў (399 супраць 391 — С.).

А напярэдадні Кангрэса быў не толькі аб’езд рэгіёнаў, але і аперацыя ў Аляксандра па выдаленні камення з ныркі.

Па дарозе мы спыняліся, і я проста ў машыне рабіла яму ўкол. Але калі мы даязджалі на сустрэчы з людзьмі, Аляксандр трымаўся так, што зусім не было відаць, што яму баліць, што яму цяжка".

Вітаўт Руднік: «Шчыра кажучы, мне было трывожна за Аляксандра з моманту пачатку кампаніі па яго вылучэнні на прэзідэнцкія выбары-2006. Бо я ведаў, што ён не схільны да інтрыг, не мае моцна пастаўленага каманднага голасу, не ўмее націснуць, калі трэба, не ўмее гаварыць з аўдыторыяй, якая ішла за Лукашэнкам і г. д. Але ўзяўшы на свае плечы цяжар, ён вельмі годна з ім спраўляўся. Мяне здзівіла, што ён змог дайсці да канца».

Іна Кулей і Аляксандр Мілінкевіч, Мінск, 2006 год. Фота: bymedia.net
Іна Кулей і Аляксандр Мілінкевіч, Мінск, 2006 год. Фота: bymedia.net

Павел Мажэйка, прэс-сакратар Аляксандра Мілінкевіча ў 2005−2007 гадах: «Падчас выбарчай кампаніі ў 2006 годзе ўлады выкарыстоўвалі такі метад: давалі Дамы культуры для сустрэч з выбарцамі, але зганялі туды сваіх вертыкальшчыкаў, якія крычалі, тупалі нагамі і рабілі ўсё, каб сарваць выступленні Мілінкевіча перад людзьмі».

 

«І вось мы прыязджаем, здаецца, у Драгічын, і Мілінкевіч пачынае выступаць. А ён заўсёды прамаўляў такім стылем выкладчыка — не надта гучна, але так, каб маглі пачуць тыя, хто хацеў пачуць. Натуральна, яго голас тануў у тупаценнях.

Але паступова „крыкуны“ стаміліся і праз 15 хвілін у залі ўстанавілася такая цікаўная цішыня. Тых людзей, якіх паклікалі сарваць мерапрыемства, зачапілі аргументы Мілінкевіча, яго спосаб размаўляць з аўдыторыяй».

«25 сакавіка 2006 года, калі Казулін павёў людзей да ізалятара на Акрэсціна, — ці не адзіны момант, калі я бачыў рэзкую рэакцыю Мілінкевіча. Магчыма, нават і залішнія словы з яго вуснаў прагучалі. Ён шчыра перажываў гэтую сітуацыю, лічыў, што людзей вядуць на бойню.

Мілінкевіч лічыў так: нельга заклікаць людзей да радыкальных дзеянняў, калі ведаеш, што з іншага боку будуць неадэкватныя дзеянні, а ты, як лідар, не можаш гарантаваць бяспеку тым, хто за табой ідзе. Ён быў супраць эмацыйных і непрадуманых рашэнняў, тым больш супраць таго, каб падстаўляць людзей пад дубінкі».

Іна Кулей: «Ці мы задаволеныя вынікамі выбараў (па дадзеных НІСЭПІ, Мілінкевіч ва ўмовах рэпрэсій і ціску набраў 18,8% — С.)? Мы ішлі з верай, што сітуацыю можна змяніць, а ўладу памяняць. Але потым стала зразумела, што ў Лукашэнкі занадта моцны адміністрацыйны рэсурс, да таго ж ішла эканамічная падтрымка з боку Расіі».

Аляксандр Мілінкевіч у намётавым гарадку на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску, 2006 год. Фота: Радыё "Свабода"
Аляксандр Мілінкевіч у намётавым гарадку на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску, 2006 год. Фота: «Радыё Свабода»

«Як рэалісты мы павінны былі прыняць сітуацыю і зрабіць высновы з кампаніі. Самае галоўнае, што адбылося ў 2006 годзе — Беларусь перасталі ўспрымаць у свеце часткай Расіі. Людзі тады паказалі, што яны не хочуць і не будуць аб’ядноўвацца. Еўропа пачала выпрацоўваць асобную палітыку па Беларусі».

Алесь Лагвінец, паплечнік Аляксандра Мілінкевіча, праграмны дырэктар «Вольнага беларускага ўніверсітэта»: «Ён выпраменьваў глыбокую перакананасць, што беларусы — годны еўрапейскі народ, якому ёсць чым ганарыцца. У 2008 годзе падчас візіту Аляксандра Мілінкевіча ў Парыж тагачасны міністр замежных справаў Францыі Бернар Кушнер назваў яго „вялікім еўрапейцам“ — менавіта так сусветна прызнаны французскі медык-гуманіст пабачыў постаць і ролю Мілінкевіча.

Я прысутнічаў на шматлікіх сустрэчах і размовах Мілінкевіча з вядомымі тагачаснымі еўрапейскімі палітыкамі — ён быў роўным сярод роўных, яго паважалі і цанілі. Можна сказаць, Мілінкевіч быў увасабленьнем еўрапейскага аблічча Беларусі. Гэта была нелукашэнкаўская, людская, годная Беларусь».

Павел Мажэйка: «Незалежныя апытанні паказвалі, што ў Мілінкевіча было больш 90% пазнавальнасці сярод беларусаў. А за мяжой яго ведалі яшчэ больш. Памятаю, як не раз акругляліся вочы паліцэйскіх у Польшчы, калі яны бачылі Мілінкевіча за стырном».

Алесь Лагвінец: «У было пачуццё далучанасці да моцнага, годнага і чалавечнага лідара. Гэта было бачна нават у ягонай паставе. У нас розныя тэмпераменты, часам я прапаноўваў больш рэзкія і рашучыя крокі. А Мілінкевіч меў моцную веру ды перакананасць, што можна дасягаць мэтаў больш памяркоўнымі, паступовымі крокамі. У яго таксама было выдатнае пачуццё гумару».

Аляксандр Мілінкевіч у Берштах, 2009 год. Фота з архіву Алеся Лагвінца
Аляксандр Мілінкевіч у Берштах, 2009 год. Фота з архіву Алеся Лагвінца

«Вось гісторыя з 2010 года. Шэф адказаў на званок на офісны тэлефон, там журналістка з французскага міжнароднага радыё (RFI) хацела паразмаўляць з Лагвінцом. Ён ёй кажа па-французску: „Яго няма, ён хворы, але калі вам трэба камэнтар, я, Мілінкевіч, магу даць“. Яму ў адказ: „Нам ня трэба Мілінкевіч, мы шукаем Лагвінца“. Гэта вельмі пацешыла шэфа. Відавочна, журналістка не ўсведамляла, пра каго гаворка, бо пазней, пасля майго тлумачэння вельмі захацела пагаварыць з Мілінкевічам».

Іна Кулей: «Чаму Аляксандр не пайшоў на выбары-2010? Ён сказаў: калі мы, дэмакратычныя сілы, здолеем аб’яднацца, я гатовы зноў пайсці. У выніку ад еднасці нічога не засталося, на выбарах было 10 кандыдатаў… На мой погляд, гэта было горш, чым неабачлівасць, гэта было злачынна. Уявіце, што будуеце дом і вам засталося зрабіць толькі ўнутраную аддзелку. І на гэтым этапе прымаецца рашэнне ўсё знесці і пачаць працу ад фундамента нанова».

Павел Мажэйка: «Яго разважлівасць часта ўспрымалася як нерашучасць, але насамрэч Мілінкевіч увесь час пракручваў у галаве розныя сцэнары развіцця падзей. Яму трэба было ўсё абдумаць — рашэнне не павінна было прымацца пад ціскам эмоцый. Мне маладому — максімалісту, здавалася, што ўсё ж зразумела, вымай шаблю і сячы :). Натуральна, што цяпер, з часам, з узростам, разумееш, што разважлівасць Мілінкевіча — выдатная якасць. Яго асаблівая прыкмета. Не зрабіць горш — добры лозунг для палітыка.

Пераход Мілінкевіча да грамадскай дзейнасці ў рамках „Руху за свабоду“, а затым і ў рамках заснаванага ім „Вольнага ўніверсітэта“ я б патлумачыў яго жаданнем рэальна прыносіць карысць, а не губляць час на палітычныя разборкі ўнутры дэмсіл, на ўсе гэтыя вырашэнні пытання: хто лідар, а хто не.

…У калоніі ў Бабруйску, дзе я знаходзіўся, ёсць вячаровая радыёпраграма для зняволеных. Праз яе сваякі і блізкія могуць перадаць прывітанні. І вось травень 2025 года, у мяне дзень нараджэння, якраз выходзіць праграма. І я чую віншаванне Паўлу Мажэйку — і ў канцы імёны аўтараў ліста: Аляксандр Уладзіміравіч і Іна Феліксаўна… Было неверагодна прыемна.

11 верасня 2025 года мяне вызвалілі, і літаральна цягам тыдня тэлефануе Уладзіміравіч: мы едзем з Варшавы да вас у Беласток. Здавалася б, можна было проста пагаварыць па тэлефоне, але ён хацеў абняцца».

Аляксандр Мілінкевіч і Павел Мажэйка ў Беластоку, верасень 2025 года. Фота: gazetaby.com
Аляксандр Мілінкевіч і Павел Мажэйка ў Беластоку, верасень 2025 года. Фота: gazetaby.com

Іна Кулей: «Аляксандр быў адказным чалавекам ва ўсіх сэнсах. Ён дбаў пра сваё здароўе. Падчас доўгіх інтэрв'ю пад паўтары гадзіны, ён заўважыў, што адчувае сябе нядобра, у яго ўзнікала нешта кшталту лёгкага галавакружэння. Пачалі правяраць — у правай шыйнай артэрыі знайшлі тромб. Яго рашэнне ісці на аперацыю было абсалютна свядомым. Вынікі аперацыі — ужо іншая рэч».

Вітаўт Руднік: «Калі мы ўсе апынуліся ў эміграцыі, Аляксандр быў упэўнены, што нашыя высілкі прынясуць плён, што Беларусь чакае светлая будучыня, што трэба працягваць інфармацыйную і адукацыйную справу. На любой сустрэчы ён зараджаў людзей энергіяй і верай — і заставаўся такім да апошніх дзён».